Top.Mail.Ru
Probusiness Youtube
  • 3,42 USD 3,4216 -0,0211
  • 3,56 EUR 3,5558 -0,0274
  • 3,41 100 RUB 3,4065 +0,0182
  • 10 CNY 4,6937 -0,0506
Идеи «Про бизнес» 18 мая 2017

«Зазірніце ў вочы сваей бабулі, запытайце і здыміце — дзеля памяці». Гісторыя праекта GarnySvit

Фота з сямейнага архіву. Аўтар Сяргей Макарэвіч
Фота з сямейнага архіву. Аўтар Сяргей Макарэвіч

Дзяцінства Яўгена Бойкi было напоўнена дзедавымі гісторыямі, а юнацтва — кнігамі Уладзіміра Караткевіча. Потым — гістарычны факультэт, этнаграфічныя экспедыцыі, шмат гаворак са сталымі людзьмі на дыктафон і відэакамеру. Так у маладога хлопца нарадзілася новая бізнэс-ідэя, якую сёлета ён актыўна развівае праз праект GarnySvit. Спецыяльна для «Про бизнес.» Яўген распавядае пра ідэю і мэты праекта.

Яго прыклад — яшчэ раз пра тое, што сапраўдны прадпрымальнiк заўсёды ўбачыць магчымасцi зрабiць сваё захахпленне сваёй працай.

— Усе мы родам з дзяцінства. Маё пачалося з дзедавых гісторый пра паноў, ваўкоў, вайну, бульбашоў, пра балота (куды ж без яго) ды іншае. Вельмі цікава баіў! Таму і ў школе не раз чытаў-перачытваў Караткевіча, і вучыцца пайшоў на гістарычны факультэт. А калі патрапіў у першую этнаграфічную экспедыцыю — мяне цалкам зацягнула ў гэту тэму.

Экспедыцыйнае фота з сямейнага архіву. Шумілінскі раён. Аўтар Аляксандра Бойка-Падкапаева
Экспедыцыйнае фота з сямейнага архіву. Шумілінскі раён. Аўтар Аляксандра Бойка-Падкапаева

Так, з 2008 году пачаў запісваць інтэрв'ю са сталымі людзьмі на дыктафон і відэакамеру.

Спачатку рабіў гэта на грамадскай аснове. З 2008 па 2016 штогод у мяне былі этнаграфічныя і вуснагістарычныя экспедыцыі. Асобна і з сябрамі запісаў больш за 100 чалавек.

Камера, дыктафон, фатограф і шчырае захапленне расповядамі старых. Успаміны па этнаграфіі запісваў з паплечнікамі з Студэнцкагага этнаграфічнага таварыства. Працавалі разам у Бялыніцкім, Калінкавіцкім, Клічаўскім, Сенненскім, Дзятлаўскім, Маларыцкім, Слаўгарадскім, Брагінскім, Горацкім, Клімавіцкім, Шумілінскім ды іншых раёнах.

Героямi нашых інтэрв'ю былі рэпрэсаваныя пры стварэнні калгасаў сяляне, праведнікі народаў міра і ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС — такім чынам мы iмкнулiся таксама паказаць гістарычны шлях у Беларусі.

Песні, святы, забабоны, танцы, цяжкая праца і аптымізм — вось традыцыйная беларуская культура. З сябрамі з Беларускага архіву вуснай гісторыі мы апытвалі людзей у Мінску і ўсіх абласных гарадах, у Салігорскім раёне і Пухавіцкім, у Стаўбцоўскім ды Пінскім.

Фота з архіву БАВГ. Салігорскі раён. Аўтар Яўген Бойка
Фота з архіву БАВГ. Салігорскі раён. Аўтар Яўген Бойка

Гэтую тэму мы імкнуліся папулярызаваць

Правялі з Аляксеем Чубатам (беларускі паэт, пісьменнік, эканаміст) першы беларускі конкурс відэа-інтэрв'ю са сталымі людзьмі «Памяць Народа». А пасля знаёмства і запісу інтэрв'ю выдалі кнігу ўспамінаў Аляксея Крывашэіна — ліквідатара, палкоўніка КДБ, кіраўніка Асобага аддзелу ў зоне адсялення — «Ліквідацыя. З чарнобыльскага дзённіка контрразведчыка».

Але ўвесь гэты час я не мысліў свой праект з пазiцый бізнэса — проста імкнуўся папулярызаваць непаўторную культуру і гісторыю беларускага народу. I таму 8 гадоў запісваў інтэрв'ю з беларусамі для архіваў і дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў.

Але аднойчы добры сябра прапанаваў: «Запішы інтэрв'ю з маёй бабуляй. Кампенсую.» Добра. Паехалі ў Петрыкаўскі раён.

Я — запісаў. Сябр — кампенсаваў. І тады светлая думка прыйшла да галавы — а хіба іншыя людзі не пажадалі б запісваць успаміны родных сталага веку? Так, з пачатку 2017 мы запусцілі абсалютна новую паслугу — запіс біяграфічных і светапоглядных інтэрв'ю на відэа.

А канчатковай назвай праекта абралі — GarnySvit. Да снежня 2016 гэта было хоббі. А ў снежнi я паглядзеў выступленне бизнесмена i аўтара кнiг Рыкарда Сэмлера, які па панядзелках і чацвяргах пражывае напоўніцу «перадсмяротныя дні». У гэтыя днi ён думае пра тое, як бы жыў, калi б ведаў, што жыць яму засталося зусім крыху. Я вырашыў сыйцi з работы на іншых дзядзяў i пачаць працаваць самастойна. Цяпер гэта сталая дзейнасць, дзе я добра валодаю навыкамі правядзення інтэрв'ю.

Паралельна праводжу трэнінгі — сам распрацаваў варкшоп па выяўленню душэўных (прафесійных) схільнасцяў чалавека. Па дызайн-мысленню і стратэгічным сесіям толькi пракачваюся — яшчэ не вялікі спецыяліст. Гэта ўсё дапаможа мне ў гутарках.

Напачатку чэрвеня ўжо будзе першая стратсэсія з аграсядзібнікамі на гэту тэму.

Экспедыцыйнае фота з сямейнага архіву. Наваградскі раён. Аўтар Аляксандра Бойка-Падкапаева
Экспедыцыйнае фота з сямейнага архіву. Наваградскі раён. Аўтар Аляксандра Бойка-Падкапаева

У асноўным паслуга рэалізуецца наступным чынам

1. Спачатку сустракаюся з дзецьмі ці ўнукамі — замоўцамі. Даведваюся пра жыццё і інтарэсы будучага героя інтэрв'ю.

2. Наступным разам прыязджаю з абсталяваннем: камера, мікрафон, святло. І — наперад, пачынаем гаворку.

3. Найперш чалавек сам распавядае сваю біяграфію, як яму гэта згадваецца.

4. Потым ужо я пачынаю распытваць падрабязна — напрыклад:

  • Які ваш самы першы ўспамін у жыцці?
  • А якога характару быў бацька?
  • А якія прыказкі маці прыгаворвала?

Пытанні і біяграфічныя, і светапоглядныя. Да прыкладу:

  • Ці ёсць Бог і як гэта ён так свет пабудаваў?
  • Дзядуля, а які ваш учынак быў самы мужны?
  • Бабуля, а ці правільна, што вось так яно заўжды робіцца?

5. Занатоўваю думкі, высновы, успаміны. Гэта, у нейкім сэнсе, захаванне душы чалавека, для нашчадкаў, для сусвету. Цяпер дзеці, унукі, праўнукі, пра-пра-праўнукі будуць мець магчымасць бачыць, чуць і адчуваць сваіх папярэднікаў. Гэта так прыгожа!

Экспедыцыйнае фота з сямейнага архіву. Пухавіцкі раён. Аўтар Аляксандра Бойка-Падкапаева
Экспедыцыйнае фота з сямейнага архіву. Пухавіцкі раён. Аўтар Аляксандра Бойка-Падкапаева

6. Вынік працы: дакументальны фільм, падзелены на часткі па гадзіне, з тэкставымі субтытрамі напачатку — хто герой інтэрв'ю, і напрыканцы — хто ініцыяваў запіс.

Звычайна ў кадры аповяд героя інтэрв'ю, які ўтульна сядзіць на канапе. Разам з тым можам узбагаціць фільм здымкамі пейзажаў, дзе пражывае чалавек, яго самога за працай, распавядаючага пра сваякоў на фотаздымках і г.д.

Думаю, што запісваць біяграфічныя інтэрв'ю самастойна таксама можна і нават неабходна. Тут толькі звярну ўвагу на такi момант. Шчыра ўсё распавядаць сваім сваякам часам няёмка. Я свайго дзеда спачатку на «схаваную камеру» зняў, а потым ужо атрымаў дазвол публікаваць публічна. А мы ведаем, як прафесійна разгаварыць чалавека, зрабiць цiкавае інтэрв'ю, таму што ў нас есць шматгадовы досвед i глыбокія веды па гісторыі і этнаграфіі.

Відэаролік з уласнага архіву.

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

Пра тое, што мы жадаем рабiць далей

Падчас працы ў грамадскіх аб’яднаннях і цяпер мы вельмі часта «спазняемся». Людзі, што даведваюцца пра GarnySvit, абавязкова запісалі б сваіх сваякоў, што сышлі год, два, тры таму. Гэта сумна чуць.

Экспедыцыйнае фота з сямейнага архіву. Бялыніцкі раён. Аўтар Аляксандра Бойка-Падкапаева
Экспедыцыйнае фота з сямейнага архіву. Бялыніцкі раён. Аўтар Аляксандра Бойка-Падкапаева

Нам неабходна інфармаваць, пазыцыянаваць, натхняць — інакш кажучы, ствараць рынак і попыт пад сваю паслугу.

Мэтавая аўдыторыя, патэнцыяльная і вялікая — людзі, што пяшчотна ставяцца да бацькоў і дзядоў, бабуль і матуль. На сёння, менавіта ў рамках майго праекта, я ўжо запісаў 6 чалавек. Зараз дамаўляюся яшчэ па 3.

Па акупаемасці ідзем у невялікім плюсе, дзякуючы таму, што частку апаратуры не набывалі, а пазычалі ў паплечнікаў. У запісу зараз занята 3 чалавека спецыялiстаў не на поўніцу. Да каманды гатовы далучыцца яшчэ столькі ж чалавек, калі будзе неабходны аб’ём працы.

Звычайна неабходна ад 5 да 8 гадзін запісваць, каб герой паўнавартнасна агучыў свае ўспаміны і думкі. Такія запісы нельга выканаць за адзін раз, мы наведваем нашага героя двойчы ці тройчы. Таму гадзіна працы можа каштаваць ад $ 15 да $ 35.

Кошт фiльма атрымоўваецца ад $ 90 да $ 250.

Пры плотнай працы 6 чалавек могуць запісваць да двух інтэрв'ю за тыдзень. З кожнага інтэрв'ю адкладваецца на развіццё да $ 50. Такім чынам, пры 6 інтэрв'ю і плотнай працы за месяц даход будзе даходзіць да $ 2000 — гэта без заробкаў і выдаткаў. Заробак да распрацоўкі партала павінен быць каля $ 800 за месяц для кожнага інтэрв'юера.

Зараз неабходна $ 2500 на набыццё камеры, мікрафона і ноўтбука.

Апроч сацыяльных сетак і распрацоўкі лэйдзінга (яго зробім самі на платформе Tilda) рыхтуем адмысловае прома-відэа, дзе будзе свая разынка — песня-саўндтрэк з прыпевам «О Божа, які гарны світ!». Вясёлае, інфармацыйнае і віруснае.

Ужо маецца прадуманая канцэпцыя (генеравалі, штармілі, аналізавалі) будучага партала, яна можа выліцца ў асобны стартап. Таму я подрабязнее пра гэта пакуль не агучваю.

Затраты на першы лэйдзінг — $ 200. Будучы партал можа стартаваць пры наяўнасці $ 25 тыс.

Пра канкурэнтаў пакуль не маю інфармацыі. Розныя інтэрв'ю запісваюць, але каб біяграфічнае і светапогляднае — такога я не бачыў.

Маштабіраванне. У такім выглядзе праект можа развівацца толькі лінейна, больш працы — больш людзей у камандзе — агульны даход на тым жа ўзроўні. Але прарабатываем варыянт стварэння адмысловага партала, дзе будуць заховаўцца ўсе запісы.

Ідэя стварыць такі «сусветны банк памяці чалавецтва» — натхняльна гучыць.

На сёння нашы мэты — стварыць сталы попыт на паслугу і распрацаваць адмысловы партал, дзе будуць захоўвацца гэты інтэрв'ю. Але нам важны каштоўнасны арыентыр!

Сталы чалавек, што багата пажыў, набраўся досведу, зрабіў важныя высновы — звычайна хоча гэтым усім падзяліцца. І гэта мацнее з векам. Вядомы інтэрв'юер Сяргей Шапран казаў, што заўсёды не ахвотны да інтэрв'ю Васіль Быкаў бліжэй да сыходу — «разгаварыўся». Мы бачым, што гэта насамрэч важна для нашых герояў.

Так атрымалася, што дзедавая звычка распавядаць свае ўспаміны стала асновай для новай прадпрымальніцкай справы.

Экспедыцыйнае фота з сямейнага архіву. Пухавіцкі раён. Аўтар Аляксандра Бойка-Падкапаева
Экспедыцыйнае фота з сямейнага архіву. Пухавіцкі раён. Аўтар Аляксандра Бойка-Падкапаева

Які б цяжкі лёс не напаткаў чалавека па жыцці — гэта яго сусвет, унікальны, прыгожы, гарны. Зазірніце ў вочы сваіх родных, распытайце іх падрабязна пра лёс, успаміны і перажыванні, здыміце на камеру дзеля памяці. Вашы дзецi скажуць вам дзякуй за гэта.

Сейчас на главной

«Про бизнес» — крупнейший в Беларуси онлайн-портал о бизнесе и предпринимательстве. Мы знаем, как открыть бизнес, вести его эффективно и достичь успеха, несмотря на трудности.


Истории бизнес-побед и поражений, интервью с топ-менеджерами и владельцами компаний, актуальная аналитика рынков и экономики, красочные репортажи, полезные советы и мотивационные выступления спикеров на крупнейших бизнес-форумах Беларуси, бесценный нетворкинг в клубе предпринимателей, а также уникальный сервис по поиску инвестиций и партнеров — все это «Про бизнес» каждый день.


По данным Google Analytics, на портал заходят более 500 тысяч уникальных пользователей в месяц, а статьи набирают более 850 тысяч просмотров. Наша аудитория - это представители бизнеса Беларуси, России, Украины, Казахстана и других стран.

Настройки файлов cookie
Данный веб-сайт использует собственные и сторонние файлы cookie для улучшения услуг и показа рекламы. Чтобы дать своё согласие на их использование, нажмите кнопку "Принять".